15.10.2025

З кароткіх вандровак па Беларусі. Частка 5

 Яшчэ крыху вандровак па Беларусі (папярэдні пост тут). У гэты раз жыццё закінула мяне і маю сям'ю спачатку на паўднёвы ўсход, а потым на паўночны захад краіны.

Гомель

Другі па тэрыторыі і насельніцтву горад РБ я наведваў не ўпершыню, але ў гэты раз я правёў там некалькі дзён, звяртаючы ўвагу, як звычайна, на дэталі, якія здаюцца мне іншымі, чым у сталіце.



Рака Сож працякае праз горад шырокім руслам.  Праз гэту раку ў раёне вуліцы  Фрунзэ перакінуты 2 сапраўды доўгія масты: аўтамабільны (з якога здымаў гэтыя кадры) і чыгуначны.

Адно з буйных прадпрыемстваў Гомеля мае назву на беларускай, нягледзячы на знешнюю перавагу рускай мовы ў тапонімах.

"Світанак" таксама захоўвае свой брэнд беларускамоўным.

Гэта фота спалучае адразу некалькі цікавых элементаў: 1. гэта школа № 19 на Інтэрнацыянальнай 45, заснаванай яшчэ ў 1936 г. (амаль 90 гадоў на момант здымку!), яе архітэктура даволі нетыповая для большасці беларускіх школьных будынкаў, у тым ліку наяўнасць 4 паверхаў, выхад на праезную частку шырокай вуліцы; 2. элементы святкавання 80-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, якімі Гомель быў поўны па стане на чэрвень 2025 г.; старое, ссохлае дрэва, якое ў свой час паднялося на вышыню будынка, і, мабыць, шмат чаго пабачыла ля школы за свой век...

Вось так аформлены аўтобусна-тралейбусныя прыпынкі. Дарэчы, нярэдка надпісы на іх зроблены толькі на рускай мове.

Так брукаванкай вылучаюць праезную частку на некаторых прыпыначных пунктах Савецкай вуліцы.

А на такіх шчытах размяшчаюць рэкламу і аб'явы.

Гарадскія аўтобусы Гомеля пераважна зялёнага колеру, а нумар на іх пазначаны бывае зялёна-блакітным. 

А так выглядаюць некаторыя сметніцы. Такі дызайн не сустракаў у іншых месцах.

Мясцовы лозунг "Квітней, Гомель!"

Воданапорная вежа з выявай дзржаўнага сцяга. У канцы 2020 г. на фоне барацьбы з распаўсюджваннем бел-чырвона-белых сцягоў як пратэстнай сімволікі і замены іх выявамі афіцыйнага дзяржаўнага флага на некаторых вышынных аб'ектах кшталту заводскіх комінаў сталі маляваць чырвоназялёныя сцягі замест БЧБ-камбінацый, якія наносілі для паветранай бяспекі (каб пазбегнуць сутыкненне верталётаў з аб'ектам). Гэта тэндэнцыя ахапіла і воданапорныя вежы, час ад часу бачыў такія ў розных гарадах.

Гадзіннік на тэрыторыі мясакамбіната сваім распалажэннем стрэлак нагадвае гадзіннік суднага дня, але мяркую, што гэта ён проста спыніўся так :)

У раёне Навабеліцкага рынку ёсць месца каля кафэ "Труханаў" з бясплатным вай-фаем. Праўда, не правяраў ці працуе ён насамрэч для тых, хто проста ідзе побач...

На рагу вуліц Катуніна і Інтэрнацыянальнай на будынку фабрыкі "Камінтэрн" зроблены мурал памяці Іллі Катуніна. Можа было б лагічней размясціць яго з боку аднайменнай вуліцы, але тэхнічна зручней апынулася тут. Як бы яно ні было такія тлумачальныя муралы дапамагаюць лепш разумець гісторыю беларускіх гарадоў.

Кінулася ў вочы крэатыўная назва кавярні на Савецкай, 30 :)

Дом 4 на вуліцы Ленінградскай - рэдкі выпадак, калі вуліцу пазначаюць і па-руску, і па-беларуску. А так значная колькасць вуліц Гомеля бываюць пазначаны альбо на рускай, альбо на беларускай, прычым на рускай часцей другарадныя, а не асноўныя магістралі. 


У Гомелі неяк асабліва больш адчуваецца прысутнасць Расіі і прыхільнікаў рускага свету, чым у Мінску. Магчыма, гэта тлумачыцца наяўнасцю расійскіх войск у пасёлку Зябраўка на паўднёвы ўсход ад горада на Сожы. У 2022 г. па сведчанню адной мясцовай жанчыны тут было адчуванне вайны, калі пастаянна ў Зябраўку ляцела ваенная авіацыя а праз Гомель у бок Украіны рухаліся вайсковыя калоны. Быў вядомы выпадак, калі калону расійскай тэхнікі вітала група з 10-20 мясцовых гараджан. Пазней у Гомелі лячылі параненых вайскоўцаў з Расіі. Потым наступіў час, калі пад Гомелем збівалі дроны, што ляцелі з поўдня. У інтэрнэце былі чуткі, што як раз у час, калі наша сям'я была ў Гомелі пад горадам збілі 2 БПЛА, але афіцыйныя СМІ Беларусі ніяк іх не каментавалі...

За кадрам засталася даволі значная частка горада і многія магчымасці, якія не саступаюць сталічным, такія як каршэрынг і кікшэрынг. Але скарыстацца імі не было магчымасці, бо арэндны транспарт знаходзіўся далёк ад месца дзе мы спыніліся,  і мы мусілі ездзіць па сваіх справах з Навабеліцкага раёна ў мікрараён Касцюкоўка на аўтобусах і маршрутках з перасадкамі. А калі ўлічыць, што цэны на праезд амаль такія як у Мінску і плаціць трэба было за ўсіх 4 чалавек з маёй сям'і, то паездкі па горадзе былі выпрабаваннем і для кашалька, і для нас саміх.

Таксама не было магчымасці даследаваць прыгожы парк Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, але нават праездам было бачна, як там прыгожа.

Едзем дамоў і робім развітальны здымак горада з акна чыгуначнага купэ. Бывай, Гомель і квітней далей!

Ліпень 2025 г.

Нарач

Варта адразу зазначыць, што тапонім "Нарач" адносіцца адразу да некалькіх розных з'яў: гэта возера, курортны пасёлак і аграгарадок. Летам 2025 г. мы здолелі пабачыць усе гэтыя 3 геаграфічныя лакацыі. У адзрозненні ад паездкі ў Гомель, мы былі на машыне. (Абодва варыянты даюць свае перавагі і абмежаванні)

Возера Нарач з боку пляжа ля Нбярэжнай вуліцы ў к.п. Нарач. Пляж сапраўды дзіцячы. На канцы пірса, які знаходзіцца ў кадры, глыбіня крыху больш за 1 метр. Таму пры моцным ветры тут можна падмёрзнуць пры заходзе ў ваду ці выхадзе на бераг. Таксама можна сустрэць вужыкаў, якія плывуць уздоўж берага па сваіх справах і жывуць у чаротах. Некаторыя з пірса ловяць рыбу, якая нават можа плаваць сярод купальшчыкаў. Але многае з гэтага можна прымяніць да самых розных беларускіх азёр.

Крыху пазней я і мае сыны прагуляліся па частцы к.п. Нарач.

Магазін "Ілаўскае" (Ленінская, 12)

Побач "Еўраопт"


Насупраць дом 11, дзе, судзячы па плакаце, акрамя банка знаходзіцца аддзяленне міліцыі.

У "Еўраопце" можна набыць разнастайную свежую выпечку, што мы і зрабілі :)

Архітэктура спальнай частцы Ленінскай вуліцы.



Ідзем праз паркавую зону ў бок Нарачанскай вуліцы

Углыбіні квартала дамы выглядаюць сціпла і не заўжды прыгожа, аднак людзі едуць сюды не дзеля архітэктуры...

Гаражны масіў па другі бок Нарачанскай вуліцы. Ідзем туды адкуль едзе ў наш бок гэты чорны аўтамабіль.

Праходзім такі выезд з леспаркавай зоны.

Выходзім на скрыжаванне. Від направа: мікрараён Кастрычніцкі, які ляжыць паміж аднайменнай вуліцай, што апаясвае яго з двух бакой і вул. Садовай, якая вядзе ў суседні аграгарадок Нарач.

Від налева: аўтавакзал "Нарач".

Фігурны знак ля скрыжавання вуліц пазначае дзе Нарачанская, а дзе Кастрычніцкая вуліцы. Для гасцей пасёлка, што едуць сваім ходам без навігатара гэта добрая падказка. Дарэчы пазначэнні вуліц у к.п. Нарач зроблены як на рускай, так і на беларускай, напрыклад цэтлікі на Ленінскай.


Прыпынак "к.п. Нарач" (галоўны і амаль адзіны ў пасёлку) поўнасцю аформлены пад рэкламу пажарнай службы. Нават сметніца :). Спадзяюся, што пры ўзнікненні новых прыпынкаў у к.п. ніхто не будзе афармляць сметніцы пад рэкламу міліцыі (ці міліцыянеры адрэагуюць на такі крэатыў з гумарам...

А мы ідзем ўздоўж Кастрычніцкай да скрыжавання з Ленінскай, каб вярнуцца туды, дзе пакінулі нашу машыну.

Часоўня Валянціны Мінскай, пабудаваная ў 2010 г. К.п., закладзены ў 1964 г. мае толькі такі варыянт рэлігіайнай забудовы. Суседні аднайменны аграгарадок з больш глыбокай гіторыяй мае царкву, касцёл і некалі меў сінагогу.

Каля сучасных дамоў мікрараёна Кастрычніцкі ёсць нядрэнная паркоўка, а для пасёлка, які жыве за кошт турызма, гэта добры разлік у развіцці інфраструктуры.

Зразаем дарогу праз двор Ленінскай, 27.


За плотам будынак, падобны на школу, але на Картах Яндэкс пазначаны як сувенірная лаўка "Гіпсавы Віталь". Здаецца, у той дзень, 6.08.2025, там была мастацкая выстава.

Від на прыватны сектар Ленінскай. Дарэчы, гэта не зусім тое, а сядзіба "Стары дом".

Велапаркоўка ля магзіна "Аксаміт" (Ленінская 25)

І асаблівасці архітэктуры таго ж дома.

Ідзем далей па Ленінскай, сустракаем лаўку з крэатыўнай сметніцай

На цотным баку вуліцы -- канкурэнт сеткі магазінаў "Капеечка" з расфарбоўкай пад колер дзяржаўнага сцяга ("Капеечка" ў к.п. таксама ёсць).


На Ленінскай 16 адзін з пунктаў "Вайлдберыз" (іх тут мінімум 2 на пасёлак ў 3000 чалавек і аднайменны аграгародок  з 2-тысячным насельніцтвам).  І наяўнасць турыстаў тут не адзіны фактар. Анлайн маркетплейсы пусцілі карані па ўсёй краіне і робяць канкурэнцыю традыцыйным гандлёвым пляцоўкам.

Запасны выхад на Ленінскай 17 выглядае як сімвалічны шлях у тупік :)

Побач з адносна маладым к.п. знаходзіцца аграгарадок з доўгай гісторыяй, які да 1964 г. называўся Кабыльнікам, а з таго часу - цёзка пасёлка і возера. Лічыцца, што ад к.п. аднайменны аграгарадок аддзяляюць 3 км дарогі, але па факце яны суседзі, і Садовая вуліца пасёлка плаўна пераходзіць у Партызанскую вуліцу аграгарадка. Нават дарожныя знакі "Канец" і "Пачатак населенага пункта" выглядаюць камічна: выехалі з Нарачы і заехалі ў Нарач. Цікава таксама, што школа аграгарадка носіць №1, а ў к.п. №2 быццам гэта адзін населены пункт.

Вуліца Паўднёвая з аднаго боку ідзе ўздоўж ляснога масіву, з другога забудавана катэджамі і аграсядзібамі. За даляглядам траса Р-28, за якой дарога вядзе да мясцовых могілак (іх даследваць часу бракавала). А ў другі бок асфальтаваная дарога пераходзіць у грунтовую не вельмі добрай якасці, якая вядзе ў бок аднайменнага пасёлка.

Від на аграгарадок з 2-га паверха аграсядзібы, дзе мы адпачывалі.

За кадрам засталося некалькі цікавых аб'ектаў: могілкі, ўзгаданыя вышэй, вінакурня "Нарач" у аграгарадку веласіпедны пераезд, пракладзены цераз Кастрычніцкую вуліцу пры адсутнасці пешаходнага пераходу. (Цяпер без светлафора ён не актуальны, бо ПДР змянілі).

У той паездцы мы таксама наведалі суседняе з Нарачу Белае возера. Пляж там таксама дзіцячы, але глыбокі спуск бліжэй да берага, чым на возеры Нарач. Інфраструктура пляжа (спуск, кабінкі для пераапранання) зроблены літаральна з бярвенняў і знаходзіцца ён побач з аўтатрасай. Аднак гэта таксама цікавы вопыт для купальшчыка. 

Жнівень 2025 г.

Усе здымкі зроблены А. Берастоўскім.

30.09.2025

Злазіць ці не злазіць?

 З 1 верасня 2025 г. праз 10 год з таго часу, як я падымаў тэму веладарожак, пачалі дзейнічаць новыя правілы дарожнага руху (ПДР), якія сярод іншага значна змянілі ўмовы для власіпедыстаў і самакатчыкаў. Доўгі час ім можна было не спешвацца на ўсіх пешаходных пераходах і велапераездах, але новыя ПДР значна скарацілі такую магчымасць.

Цяпер не злазіць з жалезных коней можна толькі там, дзе ёсць спецыяльны светлафор з выявай веласіпеда (не блытаць з пешаходным светлафорам, пад якім вісіць таблічка з чорным веласіпедам на белым фоне, цяпер гэта таблічка не дае права не спешвацца!), або на скрыжаванні па велапераездзе не далей за 1 м ад правага краю праезнай часткі, або па лініі тратуараў і ўзбочын, саступаючы іншым транспартным сродкам дарогу (п. 150 ПДР 2025 г., гл таксама тут).

Першыя адчуванні

Як раз 1 верасня мне давялося ездзіць на работу на веласіпедзе і дарога, якая займала каля 30 хвілін раней, з усімі спешваннямі займала ў паўтары разы больш часу.

На маім шляху быў толькі адзін веласветлафор, што дазваляла мне не злазіць толькі раз за ўсю дарогу. (Пазней гэты светлафор знялі).

Акрамя мяне, у гэты дзень спешваліся толькі пару веласіпедыстаў на маім шляху.

Першыя дні верасня сацыяльныя сеткі бурлілі спрэчкамі наконт справядлівасці і мудрасці новаўвядзенняў на дарозе. Да гонару ДАІ парушальнікам п.150 у першыя дні рабілі толькі папярэджанні і тлумачэнні, разумеючы, што адаптавацца да новых правілаў можа быць цяжка.

Саламонава рашэнне

Каб не ствараць больш праблем для кіроўцаў на пешаходных пераходах ДАІ вырашыла павялічыць колькасць веласветлафораў на вуліцах Мінска.

Часцей за ўсё проста вешалі такі фанерны светлафор пад пешаходны (як гэты на развязцы Філімонава-Незалежнасці), што дазволіла веласіпедыстам і самакатчыкам не злазіць з жалезных коней на велапераездзе.

Веласветлафоры паставілі на шырокіх дарогах, як тут насупраць Нацыянальнай бібліятэкі. Праўда, на момант здымка веласветлафор "завіс" на жоўтым колеры :)

У другой палове верасня веласіпедыстаў і самакатчыкаў, якія спешваюцца па новых правілах стала значна больш, а наяўнасць двух рэгулюемых пераездаў праз самыя шырокія дарогі на маім шляху на работу кампенсуе неабходнасць спешывацца ў многіх іншых месцах.

Цікава будзе пагядзець праз час ці дапамогуць змены ў ПДР зрабіць жыццё пешаходаў, веласіпедыстаў і кіроўцаў бяспечней...

П.С. Новыя правілы таксама робяць некаторыя самакаты з сродкаў персанальнай мабільнасці электрамапеды, якія маюць быць зарэгістраваны ў ДАІ, на іх патрэбна пасведчанне кіроўцы і яны павінны рухацца па праезнай частцы. Я тут не ў такой ступені ў тэме, каб дзяліцца ўражаннямі, але пакуль не бачыў такія самакаты на праезных частках і не сустракаў тых, каму прыходзіцца рэгістраваць свайго каня...

***



У канцы сакавіка 2026 г. многія зялёныя велапераезды Мінска зафарбавалі "зебрай" як на гэтых фота. Па маіх назіраннях веласіпедыстаў і самакатчыкаў, якія не спешваюцца там, дзе павінны, менш гэтай вясной, чым мінулай восенню. Мабыць, самыя злостныя парушальнікі -- кур'еры дастаўкі ежы, якім трэба паспяваць з заказамі. Аднак для высноў пакуль яшчэ мала назіранняў.

Гл. таксама

Беларусь за стырном

Першы ровар-2023 вачыма бацькі і сына

Избранное сообщение

Метэаназіранні 2026 г.

 Працягваю свае назіранні за глабальным пацяпленнем. У мінулым годзе рабіў падрабязны агляд , у гэтым вырашыў пісаць крыху лаканічней. Студз...

Зараз чытаюць