25.09.2022

Як "Дана Мол" ледзь не стаў другой Нямігай

 24 верасня ў Гандлёвым цэнтры "Дана Мол" павінна была адбыцца сустрэча 12-гадовай блогеркі і спявачкі Міланы Хаметавай з яе фанатамі. Нечакана для ўсіх гэта сустрэча ледзь не стала яшчэ адной "Нямігай", бо на сустрэчу прыйшлі сотні падлеткаў, якія ледзь не затапталі адзін аднаго.

Натоўп каля "Даны". Від з Усхода-1

Рэклама сустрэчы ў Інстаграме.

Натоўп перад сцэнай на 1-м паверсе "Даны".

Што бачыў я

Прыкладна ў 14:15 я, скончыўшы свае справы ў горадзе, сеў на метро на станцыі "Плошча Якуба Коласа" і паехаў дамоў на "Ўсход". Адразу кінулася ў вочы, што вагоны метро літаральна набіты людзьмі, большасць з якіх падлеткі. На наступнай станцыі "Акадэмія навук" у вагон зайшлі яшчэ падлеткі і мяне ад дзвярэй літаральна адціснулі ўглыбь вагона. 

Ужо каля сваёй станцыі я спытаў падлетка які стаяў на маім шляху да дзвярэй, ці выходзіць ён. Хлопец адказаў, што так. Я падумаў, што не прыйдзецца прасіць народ прапусціць, але атрымалася, што на самой станцыі нас усіх вынес натоўп. Станцыя "Ўсход" напоўнілася падлеткамі. Некаторыя ўключылі нейкую музыку на тэлефонах і пачалі нешта скандыраваць. Пару жэўжыкаў дадалі ў хор крычалак фразу "Жыве Беларусь!", але тыя, хто іх чуў, толькі зарагаталі ў адказ. Яшчэ пару дзяўчат сказалі, што было б крута ўзяць з сабой нацыянальныя сцягі. Але было відавочна, што флэш-моб не звязаны з палітыкай. 

На выхадзе са станцыі цісканіны не было, падлеткі ішлі натоўпам, але не збівалі людзей. Тем не менш, я, нейкая маладая мама з каляскай і яшчэ пару прахожых вырашылі прапусціць натоўп і перачакаць у кутку, паміж прыступкамі на платформу станцыі і турнікетамі на выхад з яе. 

Праз пару хвілін натоўп прайшоў. Ужо ў пераходзе станцыі падлеткі, а іх там было яшчэ шмат, стаялі купкамі. Пару чалавек абдымаліся, бо рады былі бачыць адно аднаго. На баку Усхода-1 былі яшчэ купкі маладых людзей, але на баку "Дана Мол" стаяў вялікі натоўп шумных падлеткаў. На аўтобусным прыпынку ля "Даны" ў бок скрыжавання праспекта Незалежнасці з вуліцай Кірылы Тураўскага стаяла пажарная машына. Міліцыі і "хуткіх дапамог" я не бачыў.

Ужо пазней стала вядома, што без праблем сустрэча зоркі і яе паклоннікаў не абышлася. Прыкладна 20 чалавек застралі ў ліфце і іх мусілі даставаць адтуль ратавальнікі. Потым яшчэ некалькі чалавек пацярпелі ад цісканіны. І нарэшце, калі высветлілася, што сустрэча з Хаметавай пачалася раней і прайшла ў скарочаным фармаце, некаторыя падлеткі адмаўляліся разыходзіцца, сталі шпурляць рэчы ў тых, хто казаў ім пакінуць памяшканне, і былі разагнаны АМАПам.

Рэакцыя прадстаўнікоў улады

У Тэлеграм-канале Мінздароўя напісалі такое аператыўнае тлумачэнне.

Прэс-служба МУС паведаміла 25 верасня, што арганізатара мерапрыемства затрымалі за тое, што яно было несанкцыянаваным і, відавочна, за нядбанне правілаў бяспекі ў яго арганізацыі. А 26 верасня прадстаўнік Мінгарвыканкама пацвердзіў выданню "Мінск-Навіны", што арганізатары спрабавалі атрымаць дазвол на гэта мерапрыемства, але ім адмовілі і яны правялі сустрэчу без дазволу.

Рэакцыя  беларускіх блогераў, аналітыкаў і звычайных дарослых

Некалькі мясцовых Тэлеграм-чатаў, якімі карыстаўюцца дарослыя абывацелі, пераважна сярэдняга ўзросту выказалі сваю незадаволенасць сітуацыяй прыкладна вось так:

Адзін беларускамоўны карыстальнік "наехаў" на расійскае паходжанне блогеркі, але яго аргумент не прынялі: бо і "тутэйшым" блогерам мясцовыя бацькі не рады. Пераважны тон размоў быў пра тое, што "падлеткам няма чаго рабіць", "гэта ўсё хайп". І ўвагі ў чатах гэтаму было нешмат, хутка пераключыліся на іншыя тэмы.

Бадай, адзіны каментарый у Фэйсбуку ў абарону права падлеткаў на ўласны густ. 

Пара праўладных блогераў адрэагавала на сітуацыю.


Таццяна Сідаровіч ў сваім канале "Беларуска топіт" пісала, што моладзь ужо не тая і што ім не хапае савецкага выхавання. (Цікава, што сама яна яшчэ даволі маладая жанчына і яе савецкае мінулае відавочна скончылася яшчэ да дасягнення падлеткавага ўзросту). Яе крык душы, як і халодная незадаволенасць бацькоў з чатаў Усхода і Маяка Мінска, паказваюць, што новае пакаленне расце іншым і не спяшаецца пераймаць дэкларуемыя каштоўнасці сваіх бацькоў.

Крыху больш сур'ёзны каментарый прагучаў ад Аляксея Голікава, які спрабуе выконваць ролю канструктыўнага крытыка ўлады, як Неўзораў у Расіі 2010-х.

Яшчэ адну публічную рэакцыю на падзеі я пачуў на наступны дзень, праходзячы міма дзвюх дам бальзакаўскага ўзросту, якія спускалілся ў метро "Ўсход"

-- Ты разумееш, палова іх была без бацькоў. Большасць! -- тлумачыла адна з іх сітуацыю сваёй сяброўцы.

А 26 верасня ў школе маіх дзяцей завуч ужо спрабавала высветліць хто хадзіў на сустрэчу з Хаметавай. Ці па сваёй ініцыятыве, ці па дырэктарскім загаду, ці па разнарадцы "зверху", невядома.

Палітолаг Аляксей Бяляеў у сваім выступленні 26 верасня на "Альфа Радыё" звязаў здарэнне ў "Дана Моле" з пратэстамі 2020 г., бо на яго думку прычынамі і таго, і другога з'яўляюцца залежнасць падлеткаў ад сацыяльных сетак і навязванне ім фальшывых куміраў, да якіх ён аднёс і Мілану Хаметаву. 

Праз тыдні тэма выступлення Хаметавай яшчэ абмяркоўвалася ў сацыяльных медыя

Журналістка выдання "Мінск-навіны" заклікае забараніць у гандлёвых цэнтрах "любыя сустрэчы/бясплатныя канцэрты з блогерамі! Асабліва з цік тока!". Скрыншот з яе ТГ-канала. А ў ТБ-перадачы "Азаронак напрамую" вядучы Р. Азаронак і 1-ы сакратар ЦК БРСМ А. Лукьянаў абмяркоўвалі патэнцыяльную небяспеку ад Міланы Хаметавай: ці можа падобнае яе мерапрыемства пераўтварыцца ў пратэстную палітычную акцыю?

***

Наступствамі здарэння, акрамя крымінальнай справы супраць арганізатара і медыйнай рэакцыі, сталі:

1) Часовае зачыненне "Бургер-Кінга" ў "Дане", дзе павінна было адбыцца выступленне Хаметавай

2) Адчыненне дзвярэй на праспект у ГЦ "Дана Мол" побач з "Грынам". Адчынілі і іншыя дзверы на праспект, а дзверы на бок вул. П. Мсціслаўца заўсёды былі адчыненымі. Такім чынам варыянты бяспечнай эвакуацыі людзей з ГЦ значна павялічваюцца!

Спадзяюся, што і для бацькоў, і для арганізатараў мерапрыемстваў гэта сітуацыя дапаможа ў большай ступені дбаць пра бяспеку.

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...