17.06.2023

Вуліцы Мінска. Здымкі на бегу. Частка 3

 Працягваю тэму сталічнай урбаністыкі, якую падымаў тут і тут. На гэты раз звярну ўвагу на некаторыя маленькія вуліцы ў цэнтры горада і на перыферыі.

Палявая вуліца

Гэта вуліца перясякае вул. Маякоўскага ў раёне скрыжавання з Дзянісаўскай і будынка адміністрацыі Ленінскага раёна.

Абноўлены школьны стадыён СШ № 55. Памятаю часы, калі ў 2000-я яго яшчэ можна было бачыць з тэрыторыі былога Яўрэйскага ўніверсітэта на Маякоўскага 96. Цяпер гэта месца выглядае куды больш прывабна, чым сціплы постсавецкі школьны стадыён. 

Дом 25А, які схаваўся за будынкам адміністрацыі Ленінскага раёна. Забудова маласямейнага тыпу на 8 кватэр. Цяпер як мінімум частка з іх выкуплена пад офісы. 
А дом 25 выглядае ўжо больш сучасна. Адметнасцю яго архітэктуры з'яўляюцца паўкруглыя балконы.

Праезная частка за домам 25 ўяўляе сабой круты пад'ём/спуск.

Дом 28 уяўляе сабой ужо іншы тып савецкай забудовы.

Палявая выходзіць на ўзбярэжжа Свіслачы.

А на другім баку ракі бачна сядзібная забудова за Галоўнай мінскай веладарожкай. Гэта рог вуліц Маласерабранскай і Крайняй.
Фота А. Берастоўскага. Чэрвень 2023 г.

Вуліца Ісая Казінца

На гэтай вуліцы мне часцей за ўсё даводзілася бываць у 2-х лакацыях: Зала Царства Сведкаў Іеговы ў бізнес-цэнтры "Гермес" (д. 11А) і аддзяленне па грамадзянству і міграцыі Кастрычніцкага раёна Мінска (д. 60). Таму па матывах вядомай песні пра Адэсу, я вам не скажу за ўсю вуліцу Казінца ))), але нешта адметнае я сфоткаў.


Дом 1 адметны спалучэннем старых і сучасных форм ваконных рам і мемарыяльнай дошкай у памяць І. Казінца

За комплексам дома 60 (аддзяленне міліцыі + ваенкамат) у бок плошчы Казінца знаходзіцца маленькая пешаходная дарожка, якая ідзе ўгару ад праезнай частцы ўглыб квартала. Падчас сезону залатой восені яна вглядае лірычна і прыгожа.


Дом 29 кінуўся мне ў вочы не толькі крыху нестандартнай архітэктурай знешняй сцяны і балконаў, але і прыкольным двухмоўем "Мясной дзяржавы" ад суседняга мясакамбіната: большасць назваў на беларускай над вокнамі і на рускай на вокнах дублюць адно аднаго, але "сасіскі" і "пельмени" -- гэта незвычайны рэкламны ход ;)






Жылы дом 21 так прыцягнуў маю ўвагу сваімі архітэктурнымі адметнасцямі, што сабраў 6 фотак з розных ракурсаў...
 

Дом 15 таксама ўяўляе сабой "маласямейку", як і іншыя суседнія дамы, але ён адметны абшыўкай сайдынгам і глухім акном на гарышчы.

У д. 13 барачнага тыпу акрамя сайдынгу цікавая канструкцыя балконаў адкрытага тыпу. Гэтым ён таксама вылучаецца з іншых "маласямеек" ускрайку "Курасоўшчыны 4".
Фота А. Берастоўскага. Кастрычнік 2022 г. і май 2023 г.

Ускраіны Камароўкі

У чатырохкутніку паміж вул. Коласа, Сурганава, Куйбышава і Харужай, частка якога вядома як Камароўка, ёсць некалькі невялікіх вуліц і завулкаў, вартых увагі даследчыкаў.

Беламорская вуліца і завулак Якуба Коласа

Дом 4 (інтэрнат) па Беламорскай адметны сваім цікавым архітэктурным афармленнем фасаду.

А д. 4А ужо ўяўляе сабой сучасны шматкватэрны дом, пабудаваны таварыствам уласнікаў і абнесены агароджай. Таксама кідаецца ў вочы наяўнасць дарожных знакаў пры сціплай шырыні вуліцы.
Беламорская крыху падымаецца ўгару на сваім шляху ў бок скрыжавання з завулкам Я. Коласа

Мабыць, гэта адзін з самых кароткіх пешаходных пераходаў у Мінску са знакам і разметкай :)

Каля Беламорскай 8 знаходзіцца крэатыўная інсталяцыя з веласіпедам і мурал на сцяне студыі прыгажосці "Pozzitiff"

Чым бліжэй да скрыжавання з коласаўскім завулкам, тым больш на вуліцы машын і людзей. На даляглядзе бачны самы высокі будынак гэтага квартала. А забодова за калючым дротам -- гэта РУУС Савецкага раёна па Беламорскай 10.

Там далей па вуліцы яшчэ адна славутасць: дом 15 альбо СШ 76, да якой я не дабраўся з камерай, але як раз у гэты час школа стала крыніцай каламбура "Мікалай Чэргінец адкрыў музей Мікалая Чэргінца ў школе імя Мікалая Чэргінца". Але гэты каламбур праўдзівы толькі часткова.


Від на завулак Якуба Коласа з боку Цнянскай вуліцы

На завулку Я. Коласа візуальна больш машын і дрэў, чым на Беламорскай.

Цікавае суседства: дзіцячы сад № 181 і РУУС Савецкага раёна Мінска...

Дом 2 па коласаўскім завулку цікавы суседствам са старым дрэвам...

... і дзвярыма ў пад'езд у савецкім стылі, але відавочна рэстаўраванымі

А дом 1 мае сваеасаблівыя формы балконаў.

Цнянская вуліца і крыху Кульман


Адна з камароўсіх славутасцяў -- помнік савецкім падпольшчыкам на пачатку вул. Кульман: на гэтым месцы (вул. Выдавецкая) ў 1942 г. была падпольная тыпаграфія газеты "Звязда" (фота зроблена ў лістападзе 2023 г).



Цнянская вуліца паступова аддзяляецца ад вуліцы Кульман і ідзе ўбок паварочваючы ў напрамку вуліцы Сурганава, да якой яна даходзіць не перасякаючыся з праезнай часткай.


У пачатку Цнянскай ёсць некалькі 5-павярховых хрушчовак са слядамі архітэктурна-будаўнічага свавольства жыхароў: дабудаваныя балконы з кладоўкамі ці залапленая абшыўка сцен, ці падпоркі пад балконам, які магчыма чымсьці абцяжараны...

Далей ідзе невялікая пустка і некалькі 9-павярховікаў.

Нешырокая праезная частка вуліцы нагадвае словы Мікалая Чаргінца ў яго міліцэйскім дэтэктыве "За секунду до выстрела": " Хто ведаў старую Цнянскую вуліцу, той пэўна памятае, што яна была нешырокай" (Николай Чергинец. За секунду до выстрела. Минск: Мастацкая літаратура", 1983, с.238) Магчыма, гэта амаль адзіны напамін пра сядзібную забудову гэтай вуліцы ў пасляваенным Мінску. На ўзгорку стаіць дзіцячы сад, а па другі бок дарогі -- жылы дом.

У дварах Цнянскай вуліцы захаваліся старыя савецкія нумараваныя гаражы.

Як і на суседняй Беламорскай вуліцы тут невялікая шырыня праезнай часткі кампенсуецца вялікай колькасцю дарожных знакаў.

Комплекс на Цнянскай 12 уяўляе сабой спалучэнне адміністратыўнага будынка і інтэрната. У вочы кінуўся цікавы варыянт спалучэння аварыйнага выхаду і балконаў

Скрыжаванне з 2-й шостай лініяй уяўляе сабой цікавае спалучэнне 2-павярховай тэхнічнай забудовы і на фоне хмарачосаў Беламорскай і будынку студэнцкай паліклінікі.

 
Здаецца, Цнянская 16 - адзіны будынак, часткова ашаляваны дошкамі.

Бліжэй да Сурганава ідуць працы па замене трубаправода. У кадр патрапілі яшчэ 3 нумараваныя гаражы.

Від на выезд у бок Сурганава. Раней Цнянская вуліца была часткай Усходняй вуліцы. Цяпер яна не перасякае праезную частку вуліцы Сурганава на скрыжаванні з Усходняй.
Фота А. Берастоўскага. Май-чэрвень 2023 г.

Бібліятэчная і Ламаносава

Самая кароткая вуліца беларускай сталіцы -- Бібліятэчная, злучае вуліцы Някрасава і Ламаносава.

На вуліцы Бібліятэчнай толькі адзін будынак і гараж

Яе даўжыня - 90 м. Від з боку вул. Някрасава

Адзіны дом вуліцы мае №49, што нагадвае пра былую даўжыню Бібліятэчнай, якая даходзіла да вуліцы Бялінскага. Бібліятэкі ў гэтым доме няма, наколькі мне вядома :)

Скрыжаванне Бібліятэчнай і Ламаносава.

Уся вуліца Бібліятэчная ад Ламаносава да Някрасава...

Далей Ламаносава ідзе ў бок вуліцы Якуба Коласа...

З аднаго боку на ёй знаходзіцца 13 паліклініка кампактным будынкам з мноствам выцяжак на даху.

З другога боку дамы 4 і 2 са сваім спецыфічным архітэктурным афармленнем. Вось так, напрыклад, аформлены балконы і вокны дома №2 на скрыжаванні з вул. Я. Коласа
Фота А. Берастоўскага. Чэрвень 2023 г.

15.05.2023

Мінскія дыягены

 Мінск, як і іншыя гарады свету, славуты не толькі гісторыяй і архітэктурай, але і людзьмі. Некаторыя з іх праславіліся справамі, якія выклікалі ў людзей павагу, іншыя дрэннымі справамі. Асобнай групай выступаюць людзі, якія паводзяць сябе странна з пункту гледжання большасці. І гэта могуць быць як сапраўды асобы з псіхічнымі захворваннямі, так і індывіды, якія ідуць шляхам Дыягена, які адмыслова паводзіў сябе, як вар'ят, каб звярнуць увагу публікі на нешта сваё.

У беларускай сталіцы ёсць некалькі чалавек, якіх адносяць да гарадскіх вар'ятаў, але пры дэталёвым разглядзе іх паводзінаў можна зрабіць выснову, што яны добра ўсведамляюць свае ўчынкі.

Валянціна Уціна, спявачка


Спявачка В. Уціна ў 1997 г. і пачатку 2010-х гг.

Многія хоць раз у Мінску чулі, як гэта жанчына спявае на рэлігійныя тэмы ў публічных месцах, крычыць "Хрыстос уваскрос" і крытыкуе праваслаўны абрад фарбавання яек на Вялікдзень. Але мала хто ведае пра яе сцэнічнае мінулае, якое ўключае ўдзел у народным хоры імя Цытовіча і пазней ў 90-я ў групе "Позні дождж". Нягледзячы на спецыфічны вобраз жанчына адмыслова робіць сваю дзейнасць як разнастайнасць прапаведніцкага служэння. З самых розных каментароў наконт сваіх публічных выступленняў, якія яна дае цікаўным, можна зрабіць выснову, што яна знаходзіцца ў поўнай свядомасці і ведае што робіць.

Дарэчы ў інтэрнэце хапае запісаў розных песень у яе выкананні.

Аляксандр Леонаў, палітычны актывіст


Гэтага чалавека некаторыя лічаць вар'ятам па прычыне падобных нестандартных спосабаў выказаць свае палітычныя погляды знешнім выглядам: будзёнаўка ў спалучэнні з георгіеўскай стужкай у форме літары Z і значка Народна-патрыятычнага руху "Спектр". 


А вось ён ужо ў шапцы колераў дзяржаўнага сцяга.


Але пры наведванні царквы Леонаў ужо апрануты сціплым і адпаведным чынам.

Калі судзіць па стужцы гэтага мужчыны ў сацыяльных сетках, ён не робіць уражанне чалавека з нездаровай псіхікай. Хутчэй гэта спробы выказаць сваю пазіцыю праз дапушчальны ўзровень эпатажнасці і эксцэнтрыкі. Ён прытрымліваецца класічнай сістэмы поглядаў прыхільнікаў "рускага свету": падтрымка знешняй палітыкі Расіі і СВА з яскравай нянасвісцю да Украіны і краін Захаду, настальгія па СССР, але без марксізму, "праваслаўнасць" без глыбокай рэлігійнасці. Паколькі такім людзі бываюць негатовыя ствараць свае ўласныя матэрыялы, ім бывае лягчэй выказацца праз перапост матэрыялаў іншых аўтараў у сацсетках або праз знешні выгляд. 

Я не даю ацэнкі поглядам і ўчынкам Уцінай і Леонава, але іх паводзіны ў значнай ступені  нагадваюць Дыягена. Той таксама жыў некаторы час у збаны, бегаў удзень з ліхтароў, шукаўчы чалавека. І гэтыя 2 асобы спрабуюць данесці свае ідэі -- рэлігійныя і палітычныя, -- праз дзеянні, якія могуць камусьці здавацца вар'яцкімі.

Вось тут публікавалі артыкул прысвечаны іншым эпатажным асобам горада на Нямізе. Паколькі не маю фактаў наконт гэтых людзей, то не буду іх адносіць ні да эпатажных дыягенаў, ні да людзей з парушэннямі псіхікі. Аднак магчыма ў далейшым буду развіваць тэму гэтага паста.

Фатаграфіі Леонава ўзятыя з матэрыялаў, якія ён апублікаваў у публічным доступе УКантакце. Здымкі Уцінай узятыя з даступных у інтэрнэце матэрыялаў.

Избранное сообщение

Метэаназіранні 2026 г.

 Працягваю свае назіранні за глабальным пацяпленнем. У мінулым годзе рабіў падрабязны агляд , у гэтым вырашыў пісаць крыху лаканічней. Студз...

Зараз чытаюць