07.10.2019

Валгаградская вуліца: вуліца архітэктурных кантрастаў

Вуліца Валгаградская ў Мінску (да 1961 года яна называлася Сталінградскай) - гэта вуліца архітэктурных і сацыяльных кантрастаў. Тут ёсць і сталінскія 2-павярховыя баракі, і прыватны сектар, і 4-5-павярховыя панельныя дамы, і сучасныя "хмарачосы", калі можна так назваць дом у 9-12 паверхаў.

Паколькі Валгаградская злучае дзве буйныя магістралі: праспект Незалежнасці і вуліцу Я. Коласа на пераходзе ў Лагойскі тракт, - то на гэтай вуліцы заўсёды ідзе рух. З гэтай прычыны на маіх фота часта трапляе аўтатранспарт. Яшчэ адзін нюанс: я разлічваў на "воблачны з праясненнямі" дзень, але ішоў дробны асенні дождж і таму на фотках будзе нейкая атмасфера асенняга суму. Але такі смутак пасуе да многіх элементаў архітэктуры вуліцы.

Валгаградскую можна пешшу прайсці за 20 хвілін, але для зручнасці падзялю яе на некалькі ўмоўных частак.

"Дзелавая" Валгаградская каля Праспекта

Лишь прошу об одном: Вы найдите меня,
Если с Невским опять повстречаться решите.

А. Розембаум. Прогулка по Невскому

На скрыжаванні з галоўным праспектам горада, вул. Валгаградская робіць уражанне сучаснай гарадской вуліцы з элементамі пасляваеннай архітэктуры.

Заязжаю на вуліцу на аўтобусе маршрута 100.


Вось на гэтай частцы звычайна бывае стыхійны міні-рынак. У той час яго не было. Альбо дождж, альбо міліцыя, нешта спугнула гандляроў.

Паміж дамамі старой забудовы бачна сучасная будоўля.

Узгадалася, як я фотаграфаваў гэта месца каля аўтобуснага прыпынку ў маі 2014 г. Але тады большае значэнне меў такі постар, чым архітэктура вуліцы.

Адразу іду па цотным баку ўздоўж завода, з якога пачынаецца вуліца. У кадр трапляюць кантралёры грамадскага транспарту, якія або затаіліся, або проста адыйшлі пакурыць, або і тое, і тое. Яны ніяк не адрэагавалі на маю фотадзейнасць.

Від на архітэктуру няцотнага боку. На вуліцы шмат прыпаркаваных машын. Бліжэй да цэнтру вуліцы іх менш.

Помнік Леніну каля цэнтральнага ўваходу на завод. І пляцоўка каля помніка для ўрачыстых сходаў. Такі напамін савецкіх часоў...

Зноў раблю кадр няцотнага боку. Гэтыя дамы будаваліся, наколькі мне вядома ў 1950-х гг.

Вось гэта тэрыторыя завода яшчэ некалькі гадоў таму была за каменным плотам. Цяпер тут камерцыйныя арганізацыі, верагодна арандатары. Каменны плот яшчэ захаваўся далей.

Гэты будынак сталінскай архітэктуры, таксама аддалі арандатарам. Уваход сюды вольны. Тралейбуснае дэпо і іншыя ахоўваемыя тэрыторыі знаходзяцца далей углыб тэрыторыі.

Плот, як бачым, складзены з дробнай цагліны, пакрытай вапнай ці фарбай. Дарожка часткова зарасла травой, значыць, па-за межамі ўваходаў у гэты і суседні будынкі дла арандатараў, тут даўно ніхто не карыстаўся ёй.

"Спальная" ад Кедышкі да Кнорына


 Заўважаю на даху дома на скрыжаванні вул. Кедышкі і Валгаградскай цікавае слухавое акно...

 Іду ад Кедышкі па няцотным баку.  За "хамарачосам" на заднім плане пачынаецца прыватны сектар Валгаградскай.

 Як бачым на здымку 5-павярховыя дамы дагледжаны вельмі пасрэдна. Паміж вул. 5-павярхоўкі на Валгаградскай населены пераважна сем'ямі старых рабочых суседніх прадпрыемстваў. У каго ёсць сродкі, той даглядае кватэру, абшывае сцены цеплаізаляцыяй... А многія балконы і вокны выдаюць беднасць сваіх гаспадароў.

 Гаспадарчыя аб'екты на няцотным баоку звычайна 2-павярховыя.

 Вось і сучасны "хмарачос" на рагу вуліц Кутузава і Валгаградскай...


...За ім цягнецца сектар прыватных дамоў, дзе можна сустрэць і вясковыя хаткі, і сучасныя катэджы. Некаторыя жыхары гэтага сектара займаюцца агародніцтвам, хтосьці можа разводзіць кур. Таксама на сцяне дома могуць вісець патрыятычныя плакаты накшталт "Спасибо деду за Победу!" прычым не толькі з нагоды свята Перамогі.

 Гэты сектар крок за крокам адваёўваюць высоткі ХХІ стагоддзя. Жыхары прыватнага сектара змагаюцца за яго захаванне, але, верагодна, будзе як і ў іншых раёнах горада.

 На няцотным баку паміж тыламі 5-павярховікаў можна сустрэць прастору, дзе знойдуцца дзіцячыя пляцоўкі, пара турнікоў, лавачкі, сцежкі, а, часцей за ўсё там проста хаатычна пасаджаны дрэвы.


 Яшчэ адна славутасць гэтай вуліцы - пасольства Сірыі, якое хаваецца за дрэвамі ў катэджы.

 Цікавае спалучэнне: верхні надпіс відавочна захаваўся яшчэ з савецкіх часоў, а ніжні з'явіўся зусім нядаўна.

Дом Маракова


 У доме 39 у 80-я гады жыў пісьменнік Леанід Маракоў. Верагодна, цэклік цырульні вісіць тут з тых часоў.

 Вось у гэтым пад'ездзе ён і жыў. Кватэру называць не буду.

Двор дома Маракова. Такія ж прасторы з раскіданымі дзіцячымі пляцоўкамі можна сустрэць і ў іншых частках гэтага квартала.

Баракі і канец вуліцы

Ребята местны горьку пьют, не знают фитнеса
Всё потому что перспективы нет и бизнеса
Ай, улица родная, семь домов, три доски
Здесь делать неча, наши мурки воют от тоски

Серёга. Чёрный бумер

 Ад дома Маракова да скрыжавання з вуліцай Кнорына - рукой падаць.

 Неўзабаве прыватны сектар завяршаенцца і пачынаюцца каменныя 2-павярховыя баракі. Гэты адрэзак Валгаградскай самы бедны на знешні выгляд. На няцотным баку даволі шмат дабітых і заваленых старымі рэчамі балконаў.

На разбітым асфальце ў кадр траляюцца коцікі. Зрабіўшы "катэ", іду далей.

 У двары барака. У некаторых вокнах ёсць святло. Тут ёсць і офісы маленькіх фірм, і жылыя кватэры.

 Зайшоў у адзін адчынены пад'езд і сфоткаў інтэр'ер. Здаецца больш нідзе ў гэтым квартале не сустракаў драўляныя прыступкі, але шмат дзе яны такія ж высокія і нязручныя.

 У суседнім бараку на забітым нейкімі рэчамі акне сядзяць дваровыя птушкі...

 А балкон там самы дабіты на гэтай вуліцы. Вось яна пост-савецкая старасць.

 Машыны ля барака на скрыжаванні Валгаградскай і Наўгародскай. Тут, мабыць, офісы зрабілі. Дарэчы гэты раён моцна падтаплае падчас ліўняў. Аднойчы летам 2014 г. я ехаў тут на аўтобусе, і ў гэтым раёне ўсе аўтобусы сталі з-за выскога ўзроўню вады. Там, дзе зараз машыны, была рака, і абысці яе можна было толькі праз метраў 100 адсюль праз Наўгародскую.

 А вось і від на канец вуліцы, дзе яна скрыжуецца адначасова з вул. Я. Коласа, Мележа і Лагойскім трактам.

 Апошні барак...
 ... і апошні дом на цотнай частцы вуліцы.

 На няцотным баку - паркоўка і прыпынак,

А на цотным - прыгожая дзіцячая пляцоўка.

І пару архіўных фотак

И летят за страницей страницы -
Наших дней верстовые столбы,
И в домашнем альбоме хранится
Фотокопия нашей судьбы.

Эдита Пьеха. Семейный альбом

 Скрыжаванне Валгаградскай з Я.Коласа і Лагойскім трактам. 1970-я. Крыніца фота тут.

Аўтобус маршрута 95 на месцы, з якога я пачынаў гэта "фотапаляванне". Калі судзіць па мадэлі аўтобуса і машынах на вуліцы, - гэта 1990-я гг. Крыніца: скрыншот з суполкі Укантакце "Минск сейчас".

Калі не пазначана інакш, фотаграфіі зроблены гісторыкам А. Берастоўскім 2.10.2019 г.

27.09.2019

Забароненыя гаджэты


Учора Данік прыйшоў са школы і сказаў:
-- Добра, што я тэлефон забыў, бо трэба было б здаваць у школе.

Распытаўшы сына падрабязней я даведаўся, што тэлефон здаваць трэба менавіта ў класе ў спецыяльную каробку. Таксама даведаўся, што ў яго класе настаўніца не патрабуе абавязкова здаваць тэлефон. Як варыянт можна не даставаць яго з сумкі. Пра забарону фотаграфаваць у нашай школе нічога пакуль чутна не было.

Абмежаванні на карыстанне гаджэтамі існуе ў розных школах свету. Але ў беларускіх школах яна з'явілася ў рамках загадам міністэрства адукацыі пасля таго, як юнак ў Стоўбцах пасправаў зрабіць у школе калумбайн. Некаторыя лічаць, што забарона гаджэтаў звязана з нядаўнім скандалам у гомельскай школе, дзе вучань 4 класа здымаў на відэа як настаўніца лаецца матам. Як бы яно ні было, але цяпер кожная школа вырашае як і ў якой ступені вучням можна карыстацца дэвайсамі.

Нават пры самай строгай забароне, пранесці камеру смартфон і выкарыстаць гэта на уроку рэальна, бо дзеці могуць проста здаваць у каробкі старыя тэлефоны і ўпотай карыстацца сучаснымі. (Так, дарэчы, робяць курсанты ў вайсковых вучылішчах).

Зараз неабходнасці выкарыстоўваць тэлефон на занятках у майго сына няма, а на перапынках ён пераважна бегае, як і іншыя дзеці. Акрамя таго, наша класная – даволі памяркоўны чалавек, і яна не будзе забараняць карыстацца тэлефонам, калі гэта неабходна сыну. Але забарона на дэвайсы яшчэ толькі пачынаецца і як яна закране нас і іншых беларускіх школьнікаў – пакажа час...

У наступным годзе Данік ідзе ў 5 клас, а Любчык у 1. Новыя класныя, новыя прадметы, правілы і абавязкі. А значыць могуць быць і новыя нагоды пісаць пра школьнае жыццё маіх дзетак.

***
З 1 верасня 2025 г. карыстацца тэлефонамі, планшэтамі і смарт-гадзіннікамі вучням забаранілі ва ўсіх школах Беларусі. Выключэнні робяцца да вучняў, якім тэлефон патрэбны для маніторынгу стану здароўя пры сур'ёзных захворваннях.

На фота: каробка ля настаўніцкага стала з аддзяленнямі для 30 тэлефонаў у класе Даніка. Здымак 14.10.2019.

04.09.2019

З адпачынку ў Браславе ў 2016 г.

Каб любіць Беларусь нашу мілую... можна пабываць не толькі ў розных краях свету, але і ў розных краях самой Беларусі. У 2016 г. давялося з сям'ёй правесці 10 летніх дзён ў Браславе. Пасля той паездкі я пісаў і здымаў пра зніклую вуліцу гэтага ўтульнага гарадка. А цяпер крыху пра сам адпачынак.

Мы арэндавалі домік на прыватным участку праз інтэрнэт і прыехалі на маршрутцы з Мінска. Паездкі на маршрутках - гэта заўжды выклік для маіх сыноў, бо іх гайдае. Ехалі больш за 3 гадзіны, але пратрымаліся. На месцы нас забраў на машыне гаспадар і адвёз да нашага доміка. Паколькі ў яго была карта горада, хутка мы ўжо няблага арыентаваліся на месцы.

Галоўны пляж горада. Бераг возера Дрывяты. Бераг звычайны, травяны, але засыпаны пяском. Мы сфоткаліся як раз калі пляж ачысцілі ад смецця і акуркаў перад рабочым візітам Прэзідэнта Беларусі. Надвор'е часам было асеннім, і гэта бадай галоўны недахоп летняга адпачынку ў Беларусі.




Вада ў Дрывятах неглыбокая, каб даросламу купацца, трэба ісці далёк ад берага. Але каб маленькіх дзетак купаць - самае тое. Яшчэ на пляжы можна пачуць розныя мовы, як і на заморскіх курортах.


Там, дзе мы спыніліся, побач было болей "дзікае" возера Навяты. Акрамя магчымасці пакарміць суседскую казу каля берага, можна было і купацца. Вада чыстая, возера глыбокае, для дарослых. Бераг у чароце, акрамя мосцікаў і спускаў на ваду. Тут можна было купацца ў адзіноцтве ад шумнай пляжнай публікі. Праўда ў апошні дзень перад ад'ездам я заўважыў змяю пад адным з мосцікаў на возера, але ўсё роўна пакупаўся. Думаю, гэта быў вужык )))

Яшчэ з прыемнасцяў адпачынку былі шашлыкі (праўда, месца для мангала было не зусім удалае, але ад мяне яно не залежыла) і вялікая колькасць дармавых яблыкаў, якія ў Беларусі проста выкідваюць на смецце ці пакідаюць на траве, як манга ў Венесуэле...

... і магчымасць папіць ранкам каву на прыродзе пад яблыняй. Так прыгожа і хораша, што і не думаеш, што з яблыні ападак можа прызямліца табе на галаву )))

Акрамя надвор'я, якое мянялася па некалькі раз на дзень, да мінусаў я б аднёс наяўнасць мабільнай сувязі. Паколькі я не пакідаў Беларусь, мне як перакладчыку званілі амаль штодзень, не ўсім можна было адмовіць, і таму не магу сказаць, што я адчуў сябе ў поўным адпачынку. Ну і яшчэ камары вечарам на двары цалавацца лезуць.

А да плюсаў я б аднёс нетараплівае жыццё і нізкія цэны ў параўнанні з Мінскам. Шмат людзей едзе сюды піць-гуляць і купацца ў вольны час, але некаторыя -- менавіта адсыпацца пасля шумных гарадоў...

Ну і мяккая беларусізацыя на дарожных шчыльдах - таксама плюс )))

Апошні кадр ля Дрывятаў на шляху дамоў.

Здымкі з уласнай калекцыі Андрэя Берастоўскага

02.09.2019

Чаму 10-бальная сістэма адзнак лепш за 5-бальную


Так атрымалася, што я вучыўся па 5-бальнай сістэме і здаў апошнія экзамены ў БДПУ ў чэрвені 2002 г. З верасня таго ж года я пачаў працаваць настаўнікам у школе, і як раз Беларусь перайшла на 10-бальную сістэму адзнак.

Калі ты толькі скончыў вну, цяжка разабрацца ў новай сістэме. Але цяжка было і вопытным настаўнікам, якія на спецсемінарах тлумачылі іншым як прымяняць новыя адзнакі. Напрыклад, ніхто тады не мог мне патлумачыць, што такое "цана адзнакі". Але з цягам часу і вопытам работы разуменне новай сістэмы з'явілася і ў мяне, і ў іншых маіх калег.

Зараз балы з 0 па 3 звычайна лічацца адзнакамі серыі "незадавальняюча", 4-5 балаў - гэта "задавальняюча", 6-8 - "добра", а 9-10 - "выдатна". Зразумела, кожны настаўнік мае свае крытэрыі як іх ставіць, нават, калі ёсць інструкцыі па выстаўленню кожнай адзнакі.

Чаму 10 балаў лепш

*Раней было толькі тры варыянты паспяховай адзнакі: 3, 4 і 5 -- і гэта ўскладняла выбар выкладчыка. Таксама была тэндэнцыя акругліць да 5 балаў таму, хто добра вучыўся, але нешта не дацягнуў. Цяпер ёсць больш варыянтаў (4-10), хаця праблема фаварытызму да патэнцыяльных медалістаў застаецца.
*Пры напісанні розных тэстаў, дзе вынік лічыцца ў працэнтах, лягчэй перавесці вынік у 10-бальную сістэму, чым у 5-бальную.
*Навучэнец вучыцца крыху рэалістычней глядзець на свае здольнасці. Нехта атрымаў 9, а нехта 8, а нехта 10, а не старую "пяцёрку" з мінусам ці плюсам, якая ўраўноўвала вынікі трох розных вучняў.

Ідэальнай сістэмай адзнак, на мой погляд, з'яўляецца іракская: 100 балаў усяго, 90-100 - "выдатна", 80-89 - "вельмі добра", 70-79 - "добра", 60-69 - "задавальняюча", 50-59- "здаў/здала", ніжэй за 50 "незадавальняюча".

Але нават вельмі добрая сістэма адзнак не заменіць якасці навучання. Я нярэдка казаў сваім вучням: "Адзнакі - гэта беларускія рублі, яны хутка абясцэньваюцца, а веды, як долары ЗША". Праўда плюсы і мінусы беларускай сістэмы адукацыі - гэта ўжо іншая гісторыя...

Ілюстрацыя з паведамлення "Школьны дзённік маёй мамы".

Гл. таксама:
Зніклыя вну Беларусі
Хто як хоча... Апавяданне

Избранное сообщение

Метэаназіранні 2026 г.

 Працягваю свае назіранні за глабальным пацяпленнем. У мінулым годзе рабіў падрабязны агляд , у гэтым вырашыў пісаць крыху лаканічней. Студз...

Зараз чытаюць