26.01.2019

Генадзь Космач, якім я яго памятаю

Генадзь Космач быў даволі неадназначным выкладчыкам гісторыі. У гісторыю ён увайшоў пераважна як гісторык-германіст. У мяне ж ён выкладаў найноўшую гісторыю Азіі і Афрыкі. І даволі цікава выкладаў: ведаў як трымаць увагу аўдыторыі. З аднаго боку, Космач быў патрабавальным да нас на заліках і экзаменах, з другога, не паводзіў сябе са студэнтамі як пан з халопамі. Так атрымалася, што значнасць знаёмства з гэтым выкладчыкам (як і з Канапацкім і Карпенкай) я не мог зразумець тады, у пачатку 2000-х. А неабходнасць пісаць пра Г.А. Космача зразумеў толькі пасля таго як даведаўся пра яго смерць паўтары гады таму, калі выпадкова сустрэўся з яго былой жонкай. Таму мае ўспаміны пра гэтага гісторыка будуць прывязаны да пэўных выпадкаў, якія зачапіліся за маю памяць.

Генадзь Аркадзевіч Космач. Крыніца фота: https://www.aversev.by/rus/avtory/kosmach-ga 

«Вялікі грэшнік»

На сваіх лекцыях Генадзь Аркадзевіч задаваў пытанні, адказ на якія даваў магчымасць атрымаць «выдатна» аўтаматам на экзамене.
– Што значыць «банзай»? – пытаецца лектар.
– Дзесяць тысяч год жыцця. – адказвае мой сусед па парце.
– Каму?
Гэта ўжо не ведаў ніхто. Мабільнага інтэрнэта яшчэ ў студэнтаў не было.

Другі раз Космач апавядаў пра некалькі спецыфічных фраз на санскрыце, якія не прайшлі цэнзуру ў выданні слоўніка па прычыне свайго эратычнага зместу. Студэнты хіхікалі. А калі адну з гэтых фраз выкладчык напісаў на дошцы кірылічнымі літарамі, аўдыторыя выбухнула рогатам: надпіс быў падобны на вядомую мацерную лаянку на руска-беларускай трасянцы. А на гэта ён зазначыў:
– Адзін праваслаўны святар казаў мне: ты грашыш, бо чытаеш лекцыі пра індыйскую філасофію. Вось бачыце, што я вялікі грэшнік. Не падабаецца мне такі праваслаўны фундаменталізм.

Ад сябе дадам: эпізадычна выходзіў з ім на размову пра біблейскае вучэнне аб аднаўленні Раю на зямлі. Генадзь Аркадзевіч, як і яго жонка (якая выкладала ў нас гісторыю славянскіх народаў), заўсёды казаў, што гэта магчыма, і ставіўся да гэтай надзеі з павагай. Таму бязбожнікам ці маральным нігілістам я б яго не назваў.

Быў яшчэ адзін забаўны выпадак: выкладчык гісторыі славянскіх народаў Уладзімір Пуцік аднойчы заўважыў на семінары:

– Наш Космач, калі ён, як бы гэта казаць, раззняволены, апавядае нам такое, што ўтвараюць індыйскія браміны....

А нам «вялікі грэшнік» гэта тлумачыў так:
– Тое, што робяць браміны ў Індыі, мы б назвалі вычварэнствамі.

Наксаліты

Аднойчы, калі Генадзь Аркадзевіч пачаў сваю лекцыю такім чынам:
– Нядаўна адзін з вас зрабіў мне заўвагу, чаму я, гаворачы пра Індыю, нічога не казаў пра мясцовых камуністаў...

У гэты момант некаторыя студэнты пачалі задуменна пераглядацца: каго гэта сярод нас цікавяць камуністы.
– Гэта не ты? – спыталася ў мяне адна аднакурсніца (мабыць думала, што, калі я насамрэч цікаўлюся гісторыяй, то гэта я мог такое запытацца).
Я толькі паціснуў плячыма: мо, не ведаю, хто гэта, сам здзівіўся.

У мяне была думка, хто мог заказаць экскурс у гісторыю камуністаў Індыі: Валера Цагойка, які адкрыта заяўляў пра свае камуністычныя перакананні. Я агледзеў аўдыторыю, але Цагойкі не было. Ён больш цікавіўся алкаголем, чым палітыкай, і вучыўся слаба. Пасля трагедыі на Нямізе, Валера нават спрабаваў здаць экзамен метадам, апісаным у фільме «Насланне» з серыі камедый пра Шурыка.

А Космач бадзёра зрабіў экскурс па гісторыі камуністаў Індыі, з якога я запомніў толькі заўвагу пра наксалітаў, радыкальных камуністаў, якія вялі партызанскую вайну ў адным з індыйскіх штатаў. А потым перайшоў да асноўнай тэмы.

Экзамен

На экзамен Генадзь Аркадзевіч задаў больш за сто пытанняў па гісторыі дзясяткаў краін . Усе ведалі, што ён патрабавальны. Атрымаўшы спіс пытанняў, я пажартаваў аднагрупнікам, што буду рыхтавацца да бітвы з «касмачамі» ў Ферганскай даліне (па аналогіі з басмачамі). Ні камп'ютара ні Інтэрнэта яшчэ не меў. Больш за палову пытанняў Космач на лекцыях не разглядаў, таму нават я, які не прапусціў ніводнай хвіліны ніводнай яго лекцыі, мусіў падняць свае кніжныя энцыклапедыі і рыхтавацца хоць як.

Раніцай перад яго экзаменам мае аднагрупнікі рэальна нерваваліся. Раптам адзін з іх, казаў:
– А я не праваслаўны!
Нейкая дзяўчына падтрымала хвалю:
– А я таксама. Я каталік! (менавіта так яна і казала – А. Б).
– Хом мане падмэ хум. – вымавіў эратычную мантру хлопец, які толькі што выракся Праваслаўя, і стаў нібыта ў позу ёга. Пазней той хлопец пытаўся ў мяне, калі будзе праваслаўны Вялікдзень, таму яго вырачэнне не цягнулася доўга.

На самім экзамене наш выкладчык заявіў, што дрэнна сябе адчувае. Я быў, як звычайна, у першай пяцёрцы. Выцягнуў білет. Першае пытанне «Карэйская вайна» я ведаў болей-меней, а па другому «Манголія ў 1945-90 гг» я ведаў толькі 2-3 факты. Накідаў адказ на паперцы. Пайшоў адказваць. Мне пашанцавала, што «вялікаму грэшніку» хапіла Карэйскай вайны. Атрымаў «выдатна». Як адказалі астатнія не ведаю, бо як звычайна рабіў, я здаў і пайшоў дадому, але скаргаў на перасдачы я не чуў ні ад аднаго аднагрупніка.

Акрамя гэтага...

Генадзь Аркадзевіч выкладаў у мяне таксама метадалогію вывучэння гісторыі, але яго выкладанне гэтага прадмету неяк выслізнула з маёй памяці. Там захавалася толькі адно параўнанне. Калі мы вывучалі цывілізацыйны падыход А. Тойнбі, Космач зазначыў:
– Тойбі ў гістарычнай навуке, як Пеле ў футболе.

Пасля яго смерці я даведаўся, што ён спецыялізаваўся на гісторыі Германіі 1920-40-х гг, напрыклад, жыццё В. Кубе, якога большасць беларусаў ведаюць толькі як гаўляйтэра, забітага мінскім падполлем; таксама разам з жонкай Генадзь Акадзевіч пісаў пра палітыкаў СССР 1920-30-х гг. І толькі тады я ўпершыню прачытаў пра свайго выкладчыка як пра выбітнога гісторыка. Не магу судзіць наколькі глыбока гэты чалавек даследаваў пытанні, за якія яго пасмяротна ўшанавалі лаўрамі, але словы, за якія магу адказаць: ён быў таленавітым выкладчыкам усходняй гісторыі, здольным шанаваць годнасць навучэнцаў.

Дарэчы, яго былая жонка Алена Эскрыдж Космач зараз выкладае гісторыю ў адным з універсітэтаў ЗША і вывучае гісторыю славянскіх народаў і расійска-кітайскія адносіны, а яго сын Павел з'яўляецца беларускім гісторыкам-амерыканістам і не толькі. Таму Космач – гэта прозвішча не аднаго беларускага гісторыка, а цэлай дынастыі даследчыкаў і выкладчыкаў навукі аб мінулым.

Алена Эскрыдж Космач. Фота з сайта Ўніверсітэта Фрэнсіс Марыён, https://www.fmarion.edu/directory/eskridge-kosmach-elena/ 

Павел Генадзевіч Космач, дацэнт БДПУ, сфера цікаўнасці: "рэлігійны фактар у гісторыі заснавання ЗША; гісторыя фізіка-матэматычных навук на тэрыторыі Беларусі (да 1914 г.); філасофія і тэорыя гісторыі". Крыніца фота і цытаты: https://www.bsu.by/main.aspx?guid=59391 

10.01.2019

100 год БССР

Калі я пісаў пра святкаванне БНР 100, то заўважыў, што без тэгаў #100БНР і #БНР100 не было б хэштэга #БССР100. Аднак негледзячы на тое, што адзначэнне стагоддзя БССР выглядае, як адказ левых і ўрадавых сіл на святкаванне стогадовага юбілею Беларускай Народнай Рэспублікі, адрозненняў паміж гэтымі святочнымі акцыямі хапае.

1. Святкаванне стагоддзя БНР было прывязана да пэўнай даты: 25 сакавіка; яна была кульмінацыяй. А святкаванне стагоддзя БССР ўяўляе сабой шэраг рознапланавых акцый і мерапрыемстваў, якія толькі часткова прывязаны да самога юбілею: 1 студзеня 2019 г., але пачынаюцца раней і цягнуцца пазней. Прычым сам юбілей кульмінацыяй не быў: можа таму, што прыпаў на Новы год.
2. Святкаванне БНР 100 прывязана да даты абвяшчэння незалежнасці Беларусі, а дата БССР 100 -- гэта дзень абвяшчэння Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь як часткі Расіі, з якой ССРБ (пазней БССР) выйшла толькі праз месяц. Таму прывязка менавіта гэтай даты да станаўлення беларускай дзяржаўнасці даволі спрэчна.
3. Цікаўнасць да святкавання стагоддзя ССРБ-БССР абмяжоўваецца пераважна камуністамі і сацыялістамі, частка з якіх падтрымлівае ўладу, а частка знаходзіцца ў апазіцыі. Для многіх урадавых структур гэта проста яшчэ адна падзея, якую можна "аптушыць" канцэртам, лекцыяй, інфармацыйнай гадзінай ці выставай. БНР 100 святкавалі людзі розных палітычных поглядаў.

Ну, цяпер, як гаворыцца ў старым анекдоце, будуць слайды. З маімі тлумачэннямі.

Такі малюнак з тэгам #БССР100 запусцілі беларускія левыя з 25 сакавіка 2018 г. Можна заўважыць надпісы беларускай мовай арфаграфіі часоў абвяшчэння БССР. Сам хэштег з'явіўся раней. Заўважаў паведамленні з ім, зробленыя ў лютым 2018 г.


А гэты транспарант павесілі ў снежні 2018 г на скрыжаванні вул. Акадэмічнай і пр. Незалежнасці ў Мінску. Яркасць колераў -- гэта мая апрацоўка ў FastStone. Здымак Андрэя Берастоўскага. Такія транспаранты маглі павесіць і на іншых магістральных праспектах горада. Здаецца, бачыў такі на пр. Пераможцаў.


Стэнд каля станцыі метро "Маскоўская" побач з "Беларусьфільмам" Канец снежня 2018 г. Здымак А. Берастоўскага
Гэта ўсё, што я знайшоў у Мінску наконт стагоддзя БССР.

Вось такі каляндар у электронным выглядзе бясплатна распаўсюджваюць беларускія левыя. Выява на красавік 2019 г.

Адзінае знойдзенае мной віншаванне са стагоддзем ССРБ/БССР у навагоднюю ноч 2019 г. Скрыншот у Facebook

29 снежня 2018 г. 2 прадстаўнікі КПРФ прыехалі ў мінскі музей Вялікай Айчыннай вайны на канцэрт прысвечаны стагоддзю ўтварэння Кампартыі Беларусі. Гэта была адна з падзей, да якой прывязалі стагоддзе БССР. Сярод іншых 100 год камсамолу, 101 Кастрычніцкай рэвалюцыі. Скрыншот УКантакце.

29 снежня 2018 г. Чавускі музей. Актывісты БРСМ, супрацоўнікі музея і пісьменнік Салаўцоў чытаюць лекцыі на тэму БССР 100. Скрыншот УКантакце.

Скрыншот Укантакце: серыя тэлеканала АНТ пра Васіля Быкава, як аднаго з выбітных дзячоў Савецкай Беларусі. Серыял "100 год БССР" (на рускай мове).

Серыя экскурсаў у гісторыю ўтварэння ССРБ/БССР ад БРСМ.

З гэтай жа серыі УКантакце з'явіўся скан тэкста тэлеграмы Сталіна 28.12.18 наконт планаў утварэння Савецкай Беларусі. Крыніца не высвятлена.


#БРСМ #МолодежьМстиславщины #БССР100-лет Единый день информирования для учащихся в рамках "Образование БССР": от истории к современности». Педагог – организатор, классные руководители провели в оздоровительном лагере с дневным пребыванием в период зимних каникул мероприятий, посвященных 100-летию со дня образования Белорусской Советской Социалистической Республики среди учащихся ГУО "Гимназия г.Мстиславя"
А гэта ўжо мая копія з паста  ад 3 студзеня 2019 г. Укантакце і Аднакласніках. Тэкст аднолькавы, нават памылка ў слове "Мстиславля" захавалася нязменнай.

Акрамя гэтага, у Ленінскай бібліятэцы Гомеля праходзіць кніжная выстава з 8.01 па 8.02.2019, прысвечаная стагоддзю БССР і анеалагічная выстава з 2.01 па 2.02 праходзіць у Мінскім абласным краязнаўчым музеі. Можна ўзгадаць і акцыю ускладання кветак на магілу аднаго з першых лідараў Савецкай Беларусі Чарвякова на Вайсковых могілках мінскімі камуністамі 4.01.2019. Нарэшце ёсць мінімум 2 адмысловыя групы ў сацсетках святкавання БССР 100: "ССРБ100 | Первая республика день за днём" Укантакце, (створана 7 студзеня 2019) і "БССР100" ў Аднакласніках (створана 7 красавіка 2018 г., на 10 студзеня 2019 там 2 ўдзельнікі і 4 запісы, апошні -- ад 12 красавіка). Калі старт-ап у Аднакласніках заціх задоўга да 1 студзеня 2019 г, то група ССРБ100 нядрэнна раскруцілася: практычна штодзень з'яўляюцца пасты з серыі "гісторыя без купюр", прысвечаныя першым месяцам існавання Савецкай Беларусі. Гэтыя заўвагі прывязаны да гістарычных матэрыялаў і сайта https://ssrb100.info/ іх праглядаюць ад некалькі дзясяткаў да некалькіх соцень карыстальнікаў УКантакце... Гэтая ж група мае свой канал у Telegram.

Можна яшчэ ўзгадаць пра акцыю "Зроблена ў Беларусі", сутнасць якой у тым, каб рабіць сэлфі на фоне аб'ектаў, звязаных с гісторыяй БССР. Гэта сваеасблівы адказ левых на акцыю "Сэлфі незалежнасці", прысвечаную святкаванню БНР 100...

***
Як бачым, калі гаворка ідзе пра дзяржаўныя структуры, то ёсць тэндэнцыя "аптушыць" мерапрыемствы згодна інструкцыям вышэйшых інстанцый. У левых партый больш энтузіязма, магчыма праз хэштэгі і акцыі ў сацыяльных сетках яны імкнуцца пашырыць свой уплыў на маладое пакаленне. Аднак, я не думаю, што само карыстанне сацсеткамі як сродкам масавай інфармацыі робіць пазіцыю "бацькоў" прывабней пакаленню іх "дзяцей". Часткова, гэта звязана з тым, што беларуская моладзь пераважна мае іншыя каштоўнасці і погляды, чым іх бацькі. Таксама магла мець месца памылковая думка, што вывучэнне гісторыі развівае патрыятызм, значыць, знаёмства з фактамі гісторыі БНР і БССР дапаможа карыстальнікам сацсетак стаць патрыётамі Беларусі ў большай ступені.

Аднак у святкавання стагоддзяў БНР і БССР ёсць адна важная адметнасць. Гэтыя падзеі далі нагоду разважаць над фактамі беларускай гісторыі. І нават калі прыхільнікі аднаго лагера імкнуліся ігнараваць свята другога, ім прыйшлося мець некаторую палеміку праз электронныя рэсурсы, і самыя розныя людзі, звычайна абыякавыя да гісторыі, звярнулі ўвагу на падзеі мінулага сваёй краіны.

Дадаткова:

Раніцай 1 студзеня 2019 года я прагуляўся па сваім мікрараёне Усход-1 і зрабіў некалькі нататкаў на відэа. Сярод іншага я паднімаў пытанне: Ці святкавалі жыхары нашага мікрараёна стагодддзе БССР у навагоднюю ноч?

03.01.2019

Зрабіў!

Нарэшце дапісаў кнігу па гісторыі ЗША. Яе асобныя часткі даступны тут па тэгу ЗША. Але ў кнізе ўсё максімальна дапрацавана.

У бліжэйшы вольны час арганізую яе друк абмежаваным тыражом за свае грошы.

***
"Бліжэйшы вольны час" надышоў у кастрычніку 2019 г. У лістападзе атрымалася знайсці выданне, якое найбольш падыходзіла па цане і адпавяданню патрабаванням. І ў снежні нарэшце атрымаў на рукі 25 экземпляраў кнігі.



Працяг будзе...

22.12.2018

Затока і Караліна-Бугаз. Сонца, мора і не толькі.

Паколькі звычайна на гэтым сайце я пішу пра гісторыю, то мае вандроўкі ў якасці адпачынку праляталі ніжэй "радараў" блога. Турыстычныя заўвагі я рабіў выключна на YouTube. Але пасля таго як YouTube змяніў палітыку рэдактуры відэаролікаў, і фотаздымкі больш немагчыма перарабляць у слайд-шоу непасрэдна на сваім канале, я вырашыў падзяліцца некаторымі турыстычнымі заўвагамі тут. І адна з прычын у абяцанні гледачам ролікаў паказаць, дзе мяняць беларускія рублі на грыўны. Спачатку пагаворым пра турызм у Затоку, а потым пра Караліна-Бугаз.

Затока

Карта Затокі і Караліна-Бугаз. Скрыншот з Google Maps

Калі ў 2017 г. я ездзіў з сям'ёй у Затоку, я не меў мэты што-небудзь напісаць пра гэты курорт. Толькі ў апошні дзень за гадзіну да прыбыцця майго аўтобуса, я вырашыў зняць відэа пра свае ўражанні ад Затокі.

Атрымаліся 3 ролікі, якія я спачатку думаў аб'яднаць у адзін, але кожны пачаў набіраць прагляды, і я пакінуў іх асобна.

Ролік 1. На фоне лімана распавядаю пра жыццё-быццё ў гэтай вёсцы з пункту гледжання турыста. Курс доллара, магчымасць плаціць украінскімі капейкамі, магчымасць зняць жыллё, якасць мясцовай вады...

Ролік 2. Стаю на чыгуначным пераездзе і распавядаю пра каларыты мясцовага стыхійнага рынку, які пачынаецца тут.

Ролік 3. Слайд-шоу з некалькіх фотак Затокі пад мелодыю End of Summer.

Агульныя ўражанні

* Нядрэнна для малабюджэтнага адпачынку. Шмат магчымасцяў зняць пакой, дом альбо нумар. Ёсць забаўляльная інфраструктура (аквапарк, дыскатэка, рэстараны, кавярні). Ёсць магазіны як у варыянце прыватнай лавачкі, так і супермаркет, аптэкі.
* Няма бальніцы ці паліклінікі, толькі медпункт. Да бальніцы далёка ехаць і патрэбна страхоўка ці грошы, каб лячылі.

 * Мора не вельмі чыстае, але купацца ў багавінні каля берага мне было нармальна. Самае непрыемнае было толькі калі побач праплыў памперс з какашкамі. Ліман чысты, негыбокі (метраў 200-300 дзіця можа крочыць і не плыць), але там плаваюць неядавітыя змеі, якія палююць на рыбу. Тым не менш, народу хапае і на моры і на лімане. Дадам, што Затока - даволі доўгая вёска, і я быў толькі ў той частцы, якая ідзе ўглыбіню за мастом. Там, дзе аквапарк і мост мы так і не дабраліся, таму мае ўражанні ад мора могуць не супадаць з поўнай карцінай акваторыі Затокі.

* Адпачынак у атэле Мезенцавых мне спадабаўся. Вядома, не "ўсё ўключана", не люкс, але як бюджэтны адпачынак з дзецьмі нармальна. У нас у пакоі быў халадзільнік, душавы пакой з туалетам тры ложкі, кандыцыянер і тэлевізар. Магчымая нязручнасць: для тэлека і халадзільніка была толькі адна разетка, але мы, зразумела выбралі не тэлевізар. Wi-Fi працаваў добра з нармальнай хуткасцю. Можна было глядзець відэа, размаўляць са сваякамі па Вайберу. Звычайная ўкраінская нязручнасць: блакіроўка сацыяльных сетак Укантакце і Аднакласнікі абыходзілася стандартнымі спосабамі абыходзіць блакіроўку (рэкламаваць не буду). Пры гэтым камп'ютар працаваў нармальна.

* У Затоку мы ездзілі на аўтобусе прыватнага беларускага тураператара. Вось мы са старэйшым сынам чакаем, калі паедзем дамоў. Плюсам аўтобуса з'яўляецца безумоўна яго адносна высокая хуткасць, але мы выбралі яго разам з пуцёўкай, якая ўключала і транспарт, і выбар гасцініцы (ўсяго 600 ці 650 долараў ЗША). З мінусаў аўтобуса назаву неабходнасць доўга сядзець на месцы (санітарныя прыпынкі кожныя 3 гадзіны не дапамагалі), млосць у маіх дзяцей падчас доўгіх хуткіх паездак аўтатранспартам, адсутнасць Wi-Fi ў аўтобусе, доўгія чэргі на мяжы і зашмат фільмаў і мульцікаў для прагляду. Аднак, праблему з Сецівам я вырашаў часткова за кошт беларускага мабільнага інтэрнэту, які ў мяне працаваў і ў пагранічнай зоне, а наконт фільмаў, я проста кніжны чарвяк і не аматар глядзець па 4-6 фільмаў на дзень.


Караліна-Бугаз

У Караліну-Бугаз мы дабіраліся ў жніўні 2018 г. без пасрэднікаў. Заказалі праз інтэрнэт нумар у гасцініцы "Залаты Бераг" і паехалі на чыгунцы з Мінску ў Адэсу, дзе пераселі на электрычку да месца прызначэння. У параўнанні з аўтобусам цягнік дае больш свабоды перамяшкання, але ідзе крыху марудней. Таксама электрычкай давялося дабірацца больш за паўтары гадзіны. Добра, што "Залаты Бераг" быў у трох хвілінах ходу ад станцыі, і засяліліся мы хутка.

Паколькі я ўжо меў мэту здымаць адметнасці пасёлка, то фота- і відэарэпартажы будуць крыху больш грунтоўнымі.

На узгорку, які стаіць адразу за чыгункай, што раздзяляе гарадок на прыморскую і "цывільную" часткі, я зрабіў некалькі кадраў прыморскай часткі Караліна-Бугаз і відэазапіс. На здымкі трапляе не толькі інфраструктура, але і мора. Здаецца, атрымалася прыгожа.







Дзе мяняць грошы і верхняя частка гарадка

Адразу за чыгуначнай станцыяй на ўзгорак вядуць такія крутыя прыступкі. Адолець іх у жнівеньскую спякоту не так проста, але рух тут амаль няспынны. Потым ідзе дарога паміж прыватных дамоў і зямельных участкаў.

Дарога ўпіраецца ў вуліцу, дзе суіснуюць прыватная і гарадская забудова. Робім паварот налева. Тут на даляглядзе аўтобусны прыпынак: альтэрнатыва чыгунцы, калі хочаш паехаць у Адэсу.


Далей ідзе рынак і шэраг магазінаў, дзе цэны крыху ніжэй за шопінг у прыморскай зоне.


Вось у гэтым магазіне можна памяняць беларускія рублі на грыўні. Нажаль, зняць прэйскурант мне не дазволілі. Тут 118 грыўняў можна набыць за 10 беларускіх рублёў. Таксама ў гэтым магазіне, як і ў некаторых іншых, можна разлічыцца міжнароднай карткай. Яшчэ грыўні за беларускія рублі можна набыць у абменніку направа ад адэскага вакзала, калі стаяць з боку чыгуначных пуцей. Набыць грыўні ў Мінску даволі цяжка.

"Залаты бераг"


Гасцінічны комплекс "Залаты бераг", з балкона якога я зняў гэты від на верхні горад, чыгунку і ўзгорак, меў свае плюсы і мінусы.

Як і ў атэлі Мезенцавых, тут была невялікая кухня, дзе можна было гатаваць, але значна менш: толькі адна газавая пліта на 4 канфоркі. Была магчымасць заказаць сняданак, абед ці вячэру, прыгатаваць шашлык на мангале, купіць ў гаспадароў піва, безалкагольныя напоі ці марожанае. Але цэны мне не падабаліся. У нумары ўсё было як у Мезенцавых, акрамя маруднага інтэрнэта: калі абходзіш блакіроўку УКантакце, то на любы сайт заходзіш 5-10 хвілін, а фільмы цяжка было глядзець нават з планшэта, які не быў у рэжыме абходу блакіровак. З добрага магу зазначыць наяўнасць добрай дзіцячай пляцоўкі і вельмі смачнае марожанае, у тым ліку чорнае, якое спадабалася нам усім.

Дарогі

Побач з нашай гасцініцай была бетонная дарога: адзіны пуць і на мора...

... і на чыгунку, дзе платформа ўяўляе сабой грунтовую дарогу.

Вось мы ідзем на мора праз мясцовы рынак. Уся прыморская зона - гэта гандлёвыя кропкі, гасцініцы і кафэ. Машыны і пешаходы карыстаюцца аднымі і тымі ж дарогамі. Сметніцы бачыце? І я не. Яны тут даволі рэдка трапляюцца. Паліцыю бачыў толькі аднойчы тут і аднойчы ў Затоцы.

Паварот на мора. У кадр патрапіў мясцовы жабрак. Дарэчы, паліцэйскія яго не ганялі: гэта не не беларуская міліцыя.

Крыху рэлігійнага... і банкамат



Стэнд Сведкаў Іеговы каля дарогі на мора. Пэўна адзінае месца, дзе вам не спрабуюць нешта прадаць каля мора (бо літаратура бясплатная). Акрамя групы Сведкаў Іеговы ў Караліне ёсць неапратэстанцкая царква побач з "Залатым берагам". Рэгулярна чуў пропаведзі і песні вернікаў, калі абедаў на агульным балконе гасцініцы. Тым, хто мае алергію на рэлігію, лепш адпачываць у Затоцы, але ў мяне такой няма.

Недалек ад пляжа ёсць банкамат. Але я не раю ні здымаць наяўныя з міжнародных картак, ні правяраць свой баланс: будзе брацца камісія. Лепш за ўсё альбо плаціць наяўнымі мясцовай валюты, альбо міжнароднай карткай у мясцовай валюце. Прычым, калі плаціш наяўнымі, прадаўцы робяць акругленне да грыўні ці 50 мясцовых капеек, якое можа быць як на карысць пакупніка, так і на карысць прадаўца, а карткай здымаецца поўная сумма з дакладнасцю да капейкі.

Апошнія метры да мора. Дарэчы, тут мы аднойчы пагутарылі з адэскімі афрыканскімі студэнтамі. Як і ў Затоцы, афрыканцы тут з франкамоўных краін накшталт Конга. Студэнткі зарабляюць пляценнем афрыканскіх косак турыстам, а студэнты дазваляюць рабіць з сабой сэлфі ў афрыканскім стылі за грошы.

Мора і пляж



Раннім вечарам тут даволі цікава, а вось пасля заходу сонца не раю тут быць: пакуль мы елі піцу на пляжы, нас актыўна елі камары.


А раніцай ды ўдзень тут можна шмат чаго рабіць і спусціць шмат грошай. Пастаянна ідуць прадаўцы чаго-небудзь. Мае сыны арганізоўвалі свае мерапрыемствы, спачатку хацелі за грошы, але я казаў, што яны яшчэ не заплацілі за гэта падаткі, таму мерапрыемствы былі бясплатнымі. Напрыклад, прапанавалі падыйсці паглядзець іх пясочны замак на беразе альбо хадзілі па беразе і прапанавалі паглядзець малькоў ці медуз, якіх яны налавілі ў дзіцячае вядро. Аднойчы для такіх дэманстрацый я паймаў у гэта вядро дарослую рыбіну, а рыба там плавае блізка каля берага, як у Браславе і не баіцца людзей. Усіх жыхароў мора мы выпусцілі жывымі дамоў.

Мора ў Караліне больш чыстае, чым у Затоцы. Акрамя таго там ёсць водмель прыкладна ў 50 м ад берага. Даволі цікава туды плаваць: спачатку глыбока, потым ізноў вады па пояс. Праўда там бываюць немаленькія медузы, якія непрыемна джаляць. Але медуз баяцца - ў мора не хадзіць.

Відэаролікі
Ролік 1. Від на Прыморскі раён і некалькі турыстычных лайфхакаў.

Ролік 2. Заходжу ў мора з камерай і здымаю мора, пляж і іншую экзотыку.

Камічнае
* Малодшы сын пэўны час капрызна патрабаваў, каб у Караліне мы давалі яму беларускую, а не ўкраінскую ежу. На гэта мы з жонкай заўважылі:
- А ўкраінскае марожанае?
- Ну, яго можна, - адказаў сын.
Зразумела, што дзеці мусілі есці ўсё. А пазней мы купілі мясцовыя глазураваныя шматочкі, якія вельмі падабаліся дзецям, з сабой у дарогу.
* На пляжы панура ідзе дзяўчына-гандлярка з парай хлопцаў, відавочна стомленая спякотай і марудным гандлем і жартуе:
- Горячее пиво, холодная кукуруза! Кто желает!
*У маленькай краме чарга. Я стаю за ўкранскім турыстам і назіраю яго дыялог з прадавачкай:
- Мне чэрвоны Winston.
- Вам синий или красный?
- Чэрвоны.
- Значит красный?
- Я красный не кУрю, я чэрвоны кУрю - адказаў турыст.
Мы сустрэліся з ім позіркамі і абодва засмяяліся.
Пра адносіны да ўкраінскай мовы ў гэтых мясцінах і Крыму, напішу пазней. Тут адзначу, што украінскамоўныя турысты лёгка разумелі беларускую мову, негледзячы на некаторыя адрозненні слоў, а рускамоўныя ўкраінцы здіўляліся, што я размаўляю па-беларуску з дзецьмі. Але гэта было часцей у гасцініцы.
*Я часам "паліўся", калі пытаўся ў прадаўцоў:
- Гэта ў вас 40 рублёў каштуе?
На гэта адна гандлярка адказала:
- Мы таксама па-старому грыўні рублямі называем.
* Старэйшы сын доўга размаўляў за жыццё з пажылой расіянкай на пляжы. Наступным ранкам гэта жанчына пачала размову ўжо са мной. Сярод іншага яна ўзгадала:
- Вось у вас у Беларусі ўсё добра: пенсіі плацяць, заводы працуюць...
На гэта я правёў невялікі эканамічны лікбез, назіраючы як акругляюца яе вочы. Мабыць кабета думала: "Няўжо па тэлебачанні так хлусяць?".

***
Пазней я апрацую фоткі са сваіх вандровак у Браслаў, Адэсу, Крым, Румынію і Польшчу.

P.S. Сімвалічна атрымалася: публікую паведамленне пра летні адпачынак у дзень зімовага сонцастаяння, калі беларуская зіма паступова перастае быць сумнай. Спадзяюся, што мой агляд быў карыстым і прыдаў добрага настрою чытачам.

01.12.2018

Да нас прыйшла цэнзура


З 1 снежня 2018 г. беларускія ан-лайн рэсурсы павінны праводзіць ідэнтыфікацыю карыстальнікаў. Таму самацэнзура гэтага блога набывае новы характар. Я не згодны з новым законам Беларусі аб кантроле за карыстальнікамі і каментатарамі старонак сайтаў байнета, але мушу з ім лічыцца.

Паколькі я не ўладальнік платформы blogger, я не маю права (як і жадання) заключаць дамовы з тымі, хто хоча пракаментаваць тое ці іншае паведамленне на berastouski.blogspot.com. Думаю, што пытанні ідэнтыфікацыі карыстальнікаў можна пераадрасаваць стваральнікам платформы. Але, са свайго боку, я мушу адмяніць палітыку ананімных каментарыяў на маёй старонцы. З гэта дня толькі тыя, хто падпісаўся на мой блог, могуць пакідаць каментарыі. Гэта не спроба звярнуць увагу на сваю старонку і падняць колькасць падпісантаў, а адзіны варыянт таго, што я магу зрабіць, каб весці сваю старонку ў адпаведнасці з новым законам.

Усе каментарыі, зробленыя да маіх паведамленняў не-падпісантамі блога на цяперашні дзень я захаваў (акрамя спама) і выдалю толькі па патрабаванні кампетэнтных органаў беларускай дзяржавы. За ўсё, што мне напісалі ананімныя і неананімныя наведвальнікі старонкі "Блог Андрэя Берастоўскага", я шчыра ўдзячны.

Буду працаваць з блогам далей з улікам законаў краіны пражывання. Дарэчы, на магчымасць каментаваць мае працы з гэтага блога ў сацыяльных сетках і месенджэрах гэтыя абмежаванні не распаўсюджваюцца.

***
Новыя правілы для каментарыяў на інтэрнет-рэсусрсах Беларусі (Пастанову Савета Міністраў РБ) можна прачытаць тут.
Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў Беларусі (матэрыялаў якія забаронена рэкламаваць у каментарыях) можна спампаваць тут.

25.11.2018

Чарнігаўскія могілкі на Чарнігаўскай вуліцы

Пра гэтыя могілкі пішу без рамантычных загалоўкаў. Гэтыя былыя вясковыя могілкі на поўдні беларускай сталіцы вельмі падобныя на многія іншыя былыя вясковыя могілкі Мінска. І тым не менш, маюць і свае адметнасці. Пра гэта мой фотарэпартаж з каментарыямі. У канцы дадам некалькі здымкаў Чарнігаўскай вуліцы, як "бонус".

Дарэчы, кожны здымак можна разглядзець падрабязна, націснуць на яго выяву на экране сваёй прылады. Некаторыя фоткі крыху апрацаваны ў праграме Fast Stone для таго, каб лепш чыталіся эпітафіі.

Від на могілкі з вуліцы з раёна суседняй спецшколы для дзяцей з праблемамі апорнага апарату. Не магу не заўважыць, што актуальная праблема, паднятая ў 2017-18 гг. у Курапатах, праблема суседства могілак з жылой ці забаўляльнай інфраструктурай застаецца адкрытай і тут. Яна патэнцыяльна можа існаваць, хоць звычайна на вуліцах зніклых вёсак не стаіць востра. Насупраць могілак жылы дом і не адзін. Там патэнцыяльна могуць святкаваць вяселле ці дзень нараджэння з песнямі, танцамі і фейерверкамі, што можа разглядацца кім-небудзь як абраза памяці памерлых і загінуўшых, якіх пахавалі на могілках праз дарогу. А, з другога боку, жыхарам вуліцы таксама можа не падабацца такое суседства. Такая ж праблема датычыцца могілак Цна і Масюкоўшчына на поўначы Мінска. Зразумела, вырашыць гэту праблему адсяленнем людзей ці зносам могілак праблематычна і несправядліва.

 Уваход на могілкі.

 Інфармацыйны стэнд, які паведамляе, што дагляд за могілкамі ажыццяўляе адміністрацыя Козыраўскіх могілак, а кніга скаргаў і прапаноў знаходзіцца у адміністрацыі Кальварыйскіх могілак.
У кадр патрапіла мясцовая славутасць: помнік чырвонаармейцам, загінуўшым падчас Вялікай Айчыннай вайны.


 Цікава, што яшчэ некалькі год таму тут былі пазначаны імёны толькі Цярэшынай і Паўлавай, а астатнія 13 былі пазначаны, як невядомыя байцы Чырвонай арміі. Цяпер высветліліся імёны яшчэ двух пахаваных. Трэба зазначыць, што загінулі яны ў ліпені 1944 г. падчас вызвалення Мінска ад немцаў. Значыць магчымасць усталяваць імёны забітых вайскоўцаў была лепш, чым падчас адступлення ў 1941 г. І тое, што іх імёны высвятляюць пераважна энтузіясты з пашуковых атрадаў, а не дзяржаўныя структуры, якія маюць доступ да архіўных дакументаў многае гаворыць пра ступень ўдзячнасці чыноўнікаў да салдат Другой сусветнай вайны. Дарэчы, ніжні цэклік сведчыць пра дзяржаўную ахову магілы як гістарычнай каштоўнасці, што, безумоўна, плюс дзяржаве. Такая ж брацкая магіла 1944 г ёсць і на Чырвонай слабадзе, таксама на поўдні горада.



 Жалезныя крыжы, часткова апрацаваныя рэстаўратарамі.

 Пахаванне з помнікам 1998 г. Тыпавы познясавецкі помнік.


 А тут дрэва ўрасло ў агароджу магілы.
Гэта ўсё недалёк ад увахода з вул. Чарнігаўскай.


 На ўчастку сям'і Іуціных адносна нядаўнія пахаванні: 2015 і 2016 гг. Мяркую, што гэты помнік паставілі ў 2017 ці пачатку 2018 г. Як і на іншых малых могілках горада, тут магчыма пахаванне урнай да сваякоў.

 Магіла сярэдняй дагледжанасці побач з апорнай сцяной, якая цягнецца ўздоўж мяжы справа ад увахода на могілкі ў бок спуску з узгорку, на якім стаіць некропаль
 Магіла са старым крыжом і новым цэклікам на фоне плота, які спускаецца ўздоўж крутога ўзгорка.
 Гэтыя два пахаванні атрымалі "лісты шчасця": патрабаванні адміністрацыі могілак прывесці агароджу і могілкі ў патрэбны стан за два гады. Як паказвае вопыт Крупцоў і Вайсковых могілак недагледжаныя пахаванні потым замяняюць тыпавых квадратным помнікам. Гэта таксама выклакае спрэчкі паміж грамадзянамі і дзяржавай: з аднаго боку актывісты жадаюць захавання агароджы вакол участкаў і індывідуальнасці пахаванняў замест стандартных "квадратаў", якія лёгка могуць згубіць надпіс на сонцы і сыйці ў грунт, а, з другога, ёсць праблема іржавых агароджаў, з бур'янамі і смеццем і нават "рэйдэрскіх захопаў" агароджамі тэрыторыі вакол пахаванняў, так што агароджа можа ставіцца на стары помнік, які амаль сышоў у зямлю. Як і ў праблеме ахоўнай зоны ў Курапатах, тут таксама няма рашэння, якое б задаволіла ўсіх удзельнікаў спрэчкі.

 А гэтыя пахаванні побач з папярэднімі "лістоў шчасця" не атрымалі, але робяць уражанне яшчэ менш дагледжаных. Логіку наглядача могілак не разумею...

 Дзіцячая магіла 1957 г. Дарэчы, драўляны крыж адносна новы, як і цэклік.

 Яшчэ пахаванне ў бур'янах і пень спіленага дрэва.

 Від на магілы знізу ўзгорка. Узгорак круты, але яго 45 градусаў яшчэ дазвалялі мне свабодна паднімацца па яго схілу без удзелу рук. На Пятроўшчыне быў круцейшы: там рукамі за агароджу чапляўся, каб залезці  угару.


 Адзіны помнік з эпітафіяй па-беларуску. Прычым тарашкевіцай, а не афіцыйным правапісам. Цікава, што прозвішча Капусцік часта сустракаецца на гэтых могілках. Але самае рапаўсюджанае тут: Асадоўскі (у некалькіх варыянтах на рускай мове). На заднім фоне від на ніжнюю мяжу могілак і прыватны сектар непадалёк.


 Магіла Фабіаны Канановіч з эпітафіяй на польскай мове. Тут трэба зазначыць: у Расійскай імперыі могілкі закладалі па канфесіянальнай прыкмеце  і каталікоў Мінска і ваколіц хавалі на Кальварыі ці Залатагорскіх могілках. Чарнігаўскія былі відавочна закладзены як праваслаўныя могілкі. Але Саветы адмянілі такую палітыку, і ўсе могілкі сталі змешанымі. Таму польскія эпітафіі могуць сустракацца як тут (я сустрэў толькі адну), так і, напрыклад, на Цне. Гэта пахаванне 1968 г.

 Здаецца Ягор, пахаваны тут, быў дзіцём ці падлеткам. Эпітафію разабраць не здолеў, нават з тэхнічнай апрацоўкай фота. Прашу прабачэння за гэта і мой абутак, што патрапіў у кадр.

Швідовіч Валерый 1947-49 гг. Ахвяра пасляваеннага ліхалецця ці чагосьці яшчэ?


А Занаіда Пацяранчанка загінула ў 1954 ва ўзросце 31 год. Прычына невядома ды і гінуць людзі ў любы час з розных прычын...

Паваленыя помнікі скінуты з узгорка. Як на Брылевічах. Але гэта не абавязкова вандалізм. Магчыма проста сваякі паставілі новыя, а старыя кінулі тут.

Тут, бліжэй да левай мяжы, шмат Асадоўскіх.


Сямён Асадоўскі. Магіла 1905 г. Руская эпітафія дарэвалюцыйным правапісам.

Павалены помнік 1889 (магчыма 1869, надпіс разабраць цяжка). Самая старая дата, якую я тут знайшоў.


Разнастанасць пахаванняў каля левай мяжы могілак (калі арыентавацца па ўваходу).

Старыя помнікі (бліжэй да цэнтру могілак) зыходзяць у зямлю.

На ўчастку Шэварковых недалёк ад увахода самае новае пахаванне могілак: 26.09.2018 г. Як і на іншых малых могілках, напрыклад, на Лошыцы, хаваюць прыкладна аднаго чалавека за год.

Апошні кадр з могілак. Тут неяк апрацавалі ўзгорак, але пахаванне старое. Магчыма, як і іншыя каля ўвахода дзесьці паміж 1950 і 1990 гг. І яшчэ адзін стары помнік (можа канца 19, а можа пачатку 20 ст.) які амаль сышоў у грунт.

І некалькі кадраў з Чарнігаўскай вуліцы наўздагон.

Як бачым з аб'явы на сметніцы, вываз смецця адміністрацыя могілак адкладае да вясны. Напэўна мае сэнс правесці прыватызацыю гэтай гарадской службы, бо зараз яе літаральна сняжкамі закідаць можна і яна спыніць працу... Пра сняжкі жартую, а вось пра прыватызацыю кажу сур'ёзна.


Санаторная школа-інтэрнат № 9 для дзяцей з захворваннямі касцёва-мышачнай сістэмы (дом. 46). Знаходзіцца побач з могілкамі далей у бок пачатку вуліцы. Гэта галоўная славутасць Чарнігаўскай вуліцы Мінска і, здаецца, адіная такая ўстанова горада.

Таксама цотны бок вуліцы, толькі бліжэй да пачатку. Маю ўвагу прыцягнулі яблыкі, якія яшчэ вісяць на дрэвах, калі ўжо абляцела лісце. Ураджай яблыкаў у цотныя гады - катастрофа, як казаў мне адзін дачнік Увогуле практычна ўся забудова на Чарнігаўскай - гэта прыватныя дамы і катэджы.

У гэты дзень сонейка засвяціла толькі тады, калі я ехаў дадому, таму ўсе мае здымкі былі крыху хмурыя.

Вандроўка адбылася 21.11.2018 г. Усе фотаграфіі зроблены гісторыкам А. Берастоўскім.

Избранное сообщение

Метэаназіранні 2026 г.

 Працягваю свае назіранні за глабальным пацяпленнем. У мінулым годзе рабіў падрабязны агляд , у гэтым вырашыў пісаць крыху лаканічней. Студз...

Зараз чытаюць